ТРАНСПАНУ́ЮЧЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ (ад лац. transponere перакладваць, перастаўляць),

музычныя інструменты, рэальная вышыня гучання якіх не адпавядае іх натацыі. Пераважна духавыя інструменты: лабіяльныя і язычковыя (разнавіднасці флейты, габоя, кларнета, фагота, саксафона і інш.) і амбушурныя (валторна, труба, карнет і інш.), а таксама ўмоўна інструменты, гучанне якіх на актаву вышэй (флейта пікала) ці ніжэй (кантрабас, контрафагот). Паводле тэсітуры гучання Т.м.і.: сапранавыя (флейта пікала; кларнеты; саксафоны, трубы, фанфары; флюгельгорн); альтовыя (флейта; габой, саксафон, валторна, горн); тэнаровыя (саксафон, горн); барытонавыя (саксафон; горн, эйфоніум); басовыя (кларнет; саксафон). Т.м.і. даюць магчымасць выконваць музыку ў любых танальнасцях, пры захаванні зручнай аплікатуры і без змены тэхнікі гуказдабывання для інструментаў вызначанай сям’і, пры гэтым спрошчваецца нотны запіс.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)